РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ ТЭАТРА́ЛЬНАГА МАСТА́ЦТВА,

адна з буйнейшых тэатр. вышэйшых навуч. устаноў Расіі. Засн. ў 1878 у Маскве як муз. школа, з 1883 Муз.-драм. вучылішча пры Маскоўскім філарманічным т-ве. У 1886 стала першай вышэйшай муз.-тэатр. навуч. установай, дзе выкладалі У.​Неміровіч-Данчанка, А.​Южын, У.​Меерхольд і інш.; сярод выпускнікоў — В.​Кніпер-Чэхава, І.​Масквін, І.​Пяўцоў, А.​Ляшкоўская, А.​Гогалева, Л.​Собінаў і інш. З 1935 пасля шэрагу рэарганізацый наз. Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​В.​Луначарскага. З 1992 сучасная назва. Рыхтуе акцёраў і рэжысёраў для драм. і муз. т-раў, эстрады і цырка, тэатразнаўцаў, педагогаў-харэографаў, менеджэраў сцэн. мастацтваў і інш. Ф-ты: акцёрскі, рэжысуры, драмы, тэатразнаўчы, прадзюсерскі, балетмайстарскі (уключае каледж), эстрады (уключае ліцэй), муз. т-ра, сцэнаграфіі. Пры акадэміі існуюць навук.-практычны цэнтр па праблемах акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства, музеі, вучэбны т-р, выд-ва, б-ка. Сярод выкладчыкаў акадэміі В.​Андроўская, М.​Ахлопкаў, Р.​Баяджыеў, М.​Гарчакоў, А.​Джывелегаў, Ю.​Завадскі, С.​Ігнатаў, А.​Лабанаў, Л.​Лаўроўскі, С.​Макульскі, А.​Папоў, М.​Пятроў, І.​Раеўскі, В.​Сахноўскі, Ю.​Собалеў, І.​Судакоў, М.​Тарханаў, У.​Філіпаў і інш.

т. 13, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)